ТБМ Неафіцыйны сайт Маладзечанскага раёна
 ЯНКА КУПАЛА і Маладзечаншчына

Маладзечна і Маладзечаншчына - маляўнічы куток, які сваімі фарбамі адбіўся ў творчасці Янкі Купалы.

Маладзечаншчына - гэта калыска Янкі Купалы. Сёння кожнаму беларусу, а не толькі маладзечанцам, вядома Вязынка, дзе 25.6(7.7). 1882 г. нарадзіўся Ясь Луцэвіч. На доме, у якім нарадзіўся паэт, 30.6.1946 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка. А 20.6.1948 г. тут прыняў першых наведвальнікаў філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы. Стваральніцай першай экспазіцыі ў Вязынцы была У.Ф.Луцэвіч. Пазней, у 1964 г., быў адноўлены мемарыяльны пакой, у якім жылі Луцэвічы. У 1971-72 гг. паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў старажылаў была праведзена рэстаўрацыя хаты-музея і створана новая экспазіцыя, якая размешчана ў мемарыяльным пакоі. У ім адноўлена тагачасная (канца 19 ст.) абстаноўка: мэбля, посуд, асабістыя рэчы бацькоў паэта, якія змястоўна дапаўняюць гісторыка-літаратурныя матэрыялы: копіі архіўных і аўтабіяграфічных дакументаў, фотаздымкаў, графічных работ мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы. У сенцах (адны мемарыяльныя) зберагаюцца прылады працы і рэчы хатняга ўжытку, якімі ці падобнымі карысталася сям'я Луцэвічаў.

Ушаноўваючы Купалаўскія мясціны, у 1972 г. на Маладзечаншчыне быў створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Вязынка" плошчай 21 га. На яго тэрыторыі размешчаны хата-музей, дзе нарадзіўся паэт, свіран, хатка дваровых, бюст - помнік Янку Купалу скульптара Заіра Азгура, 2 гарадзішчы 2-5 стст. н.э., сажалка, крыніца, валуны з высечанымі на іх радкамі твораў Купалы, стары сад, што памятае немаўлём Яся Луцэвіча, дубовы гай - сімвал 100-гадовага юбілею народнага паэта.

3 1972 г. ў запаведніку праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, прысвечаныя дню нараджэння паэта, раённыя святы паэзіі і працы, а з 1976 г. ўжо традыцыйна ладзяцца злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, семінары школьнікаў.

Да 100-гадовага юбілею Купалы па лініі ЮНЕСКА Вязынка была ўключана ў міжнародны турыстычны маршрут.

Менавіта на Маладзечаншчыне адбывалася ўзыходжанне народнага паэта Янкі Купалы. А адбывалася гэта ў Яхімоўшчыне, дзе ў 1998 г. заснаваны філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў будынку 1870 г., а 30.5.2001 г. экспазіцыя філіяла прыняла гасцсй і першых наведвальнікаў.

Яхімоўшчына - гэта непаўторная па сваёй прыгажосці мясціна Маладзечаншчыны, дзе так зладжана жывуць лес і поле, лугавіна і возера, рачулка і шлях, дзе вясною аж кіпіць бэз... I як тут натуральна выглядае першабытны камень-валун і збудаваныя з гэтых камянёў падмуркі бровара, колішняй афіцыны, амбараў і дамоў, у адным з якіх жыў Янка Купала. I нават дрэва ў суседстве з каменем стагоддзямі адчувала сябе больш моцным і трывалым.

Ці не яны, чароўная прырода і першабытныя валуны, магутныя скляпенні і сцены старажытных будынкаў сталі вызначальнымі рысамі паэзіі юнага тады яшчэ Янука Купалы?

А менавіта тут узрастаў і мужнеў талент народнага паэта.

Вясной 1906 г. Янка Купала паступіў памочнікам да вінакура Сасноўскага на бровары ў Яхімоўшчыне, які належаў пану Любанскаму (цяпер спіртзавод "Яхімоўшчына" Маладзечанскага раёна). Бровар быў заснаваны ў 1888 г.

У час працы на бровары ў 1906 - 07 гг. Янка Купала напісаў выдатныя вершы: "А хто там ідзе?", "Ворагам беларушчыны", "3 песень нядолі", "Дайце мне волю", "Не тужы", "Што ты спіш?", "Там", "Поле роднае", "Пакіньма напуста на лёс свой наракаць", "Гэта крык, што жыве Беларусь..." Менавіта тут нараджалася большасць твораў, што сталі зместам першага зборніка Янкі Купалы "Жалейка".

Праца ў Яхімоўшчыне - вельмі важны этап у творчай біяграфіі вялікага песняра. Тут загучалі бессмяротныя творы Янкі Купалы, тут узвысіўся голас паэта-змагара, імя якога з часам стала вядомым усёй Беларусі і за яе межамі.

Менавіта ў Яхімоўшчыне Янка Купала пазнаёміўся і пасябраваў з настаўнікам Гарадзілаўскай пачатковай школы Андрэем Посахам, які, будучы на экскурсіі ў Італіі ў 1910 г., наведаў на востраве Капры Максіма Горкага і ўпершыню пазнаёміў вялікага рускага пісьменніка з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Па просьбе Горкага, вярнуўшыся на радзіму, Андрэй Посах паслаў яму зборнікі вершаў беларускіх паэтаў "Жалейку" і "Песні-жальбы", за што атрымаў з Капры ад М.Горкага ліст са словамі ўдзячнасці.

Маладзечаншчына для Янкі Купалы бы блізкай і дарагой, як маці для свайго сына. Можа таму так глыбока і пранікліва пясняр адлюстраваў і непаўторную прыгажосць краю, і нялегкае жыццё простага люду, і тыя легенды, паданні, што сталі сюжэтамі яго ранніх паэм.

Так, да прыкладу, у аснову паэмы "Нікому" (1906) лёг аповед селяніна Яхімоўшчыны В.Л.Парфена пра трагічнае вяселле Тамаша і Алены. 3 часоў прыгону жыла гэта жахлівая гісторыя, але толькі ў Янкі Купалы стала паэмай. Эпас краю рабіўся эпасам вялікага песняра.

Наведваўся Купала і ў вёску Гарадзілава. Падчас працы ў Яхімоўшчыне ён бываў у свайго сябра - настаўніка А.Ф.Посаха, бываў і ў бацькоў Андрэя Посаха ў вёсцы Лебедзева.

Рэвалюцыйныя выступленні сялян вёскі Лебедзева ў 1905-07 гг. ляглі ў аснову верша Янкі Купалы "Як не выйдуць чарнасотнікі", які быў надрукаваны ў газеце "Наша ніва" 28 жніўня 1908 г. пад псеўданімам "Левы". У гэтым вершы Янка Купала вострапубліцыстычна выкрывае сутнасць рэвалюцыйна-манархічных арганізацый, што былі створаны царскім урадам Расіі для барацьбы з народнымі паўстанцамі ў гады рэвалюцыі 1905-07 гг. і пасля актыўна дзейнічалі ў час сталыпінскай рэакцыі. Паэт гнеўна бічуе Пурышкевіча - рэакцыянера і заснавальніка чарнасоценных пагромных арганізацый.

Заканчваецца твор словамі вялікай надзеі на лепшую пару, што прыйдзе ўслед за рэакцыяй:

Эй, гуляйце, чарнасотнікі,
На благое ўсё ахвотмікі:
Не век сеяці вам цьму,
Вясна зменіць нам зіму.

Гэтыя словы сведчаць пра тое, што Янка Купала актыўна ўключаўся ў палітычную барацьбу таго часу, абараняў інтарэсы народа, імкнуўся супрацьстаяць рэакцыйным сілам, верыў у святую перамогу святла над цемрай, у прыход новай вясны.

Сёння адна з вуліц Лебедзева названа імем песняра. У музеі Лебедзеўскай сярэдняй школы ёсць матэрыялы пра Янку Купалу.

У 1906-07 гг. дарогі часта вялі Янку Купалу і ў вёску Палачаны, што ў Маладзечанскім раёне. Любіў паэт гутарыць са знаёмымі рабочымі і з мясцовымі жыхарамі, якія расказвалі паэту розныя паданні, здарэнні... У Палачанах збярогся будынак былога валаснога праўлення, куды заходзіў Купала. У сакавіку 1940 г. Янку Купалу даводзілася праязджаць чыгуначную станцыю Палачаны па дарозе з Мінска ў Ліду, куды паэт прыязджаў на сустрэчу з выбаршчыкамі як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай выбарчай акрузе.

Радашковічы - гэта яшчэ адна мясціна на Маладзечаншчыне, якая ўвайшла ў біяграфію вялікага Янкі Купалы. У 1882 г. маленькага Яся Луцэвіча хрысцілі ў Радашковіцкім касцёле. У 1903 г. лёс ужо 20-гадовага Івана Луцэвіча прывеў у Радашковічы ў якасці пісара ў судовага следчага Андруцкага. А 15 жніўня 1913 г. ў Радашковічах Мінскім беларускім артыстычным гуртком пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча была пастаўлена "Паўлінка" Купалы. Свята было непаўторным. На ім прысутнічаў сам Янка Купала са сваякамі.

Тут, у Радашковічах, Янка Купала пазнаёміўся з Аляксандрам Мікітавічам Уласавым, вядомым дзеячам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, арганізатарам Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактарам-выдаўцом газеты "Наша ніва". Дастойным пераемнікам яго стаў Купала - з 1914 г., у неверагодна цяжкіх умовах першай сусвстнай вайны Купала быў рэдактарам і выдаўцом газеты "Наша ніва".

У 1920-я гады пры Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны быў драматычны гурток, які таксама ставіў Купалаўскую "Паўлінку".

У 1957 г. ў Радашковічах адкрыты помнік Янку Купалу, адна з вуліц названа імем паэта. Імя песняра носіць і гаспадарка, цэнтрам якой з'яўляецца гарадскі пасёлак Радашковічы.

За 1,5-2 км ад Радашковічаў існаваў фальварак Калісберг (Калізберг, Карлсберг), які некалі належаў А.К.Снітку, цесцю Браніслава Тарашкевіча. У 1919 г. гэты фальварак арандаваў муж Леакадзіі Дамінікаўны Раманоўскай (Луцэвіч), сястры Купалы. Паэт наведваўся ў Калісберг да сястры (1919), жыў у яе. У гэтай мясціне напісаў вершы "На нашым...", "Мая навука". А пазнсй (1920 - 1930-ыя гг.) Янка Купала прыязджаў у Калісберг на сустрэчу да Яна Шлыковіча (1882-1956).

Равеснік Купалы, Ян Шлыковіч працаваў кавалём у Акопах. 3 сярэдзіны 20-х гадоў пераехаў у Калісберг. Янка Купала не раз бываў у яго дома, у кузні, запісваў ад яго прымаўкі, прыказкі, цудоўныя народныя песні і паданні пачуў ад яго жонкі. I вельмі магчыма, што верш "Каваль" Янкам Купалам напісаны быў пад уражаннем асабістага знаёмства з Янам Шлыковічам:

Звонам звоніць, іскры гоніць
Молат мой агністым змеем;
Рук я ў працы не жалею,
Бо гультайства сіле шкодзіць,
Толькі праца шчасце родзіць.

Я люблю свой дар,
Я ў ім гаспадар.

Неаднаразова бываў Янка Купала і ў самім Маладзечне, калі працаваў памочнікам вінакура ў Яхімоўшчыне.

А колькі разоў на працягу 33 гадоў (з верасня 1908 - да чэрвеня 1941) прыязджаў праз Маладзечна Купала, едучы ў Вільню:

Мінск, Маладзечна, Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.

Вось так занатаваў Янка Купала свае ўражанні падарожніка ў вершы "Еду сягоння я ў Вільню..." яшчэ ў 1939 г.

У 1919 г. ў Маладзечне сіламі самадзейных артыстаў была пастаўлена камедыя Купалы "Паўлінка". Гэта падзея ператварылася ў сапраўднае народнае свята, на якое быў запрошаны і аўтар п'есы.

Купалаўская "Паўлінка" палюбілася маладзечанцам. Яна прыйшла да іх пасля і ў 1922 г., і ў 1930-я гг., і ў 1940-41 гг.

Маладзечанцы свята шануюць памяць вялікага народнага паэта, драматурга, палымянага публіцыста, грамадскага дзеяча.

Штогод на маладзечанскай зямлі ў гонар Купалы адбываюцца святы паэзіі, выставы мастакоў, гучаць канцэрты беларускіх народных песнь і песнь на словы Янкі Купалы... А ў 2000 г. радзіму вялікага беларускага нацыянальнага паэта - вёску Вязынку наведалі пісьменнікі з усёй Еўропы, якіх аб'яднаў Міжнародны праект "Літаратурны экспрэс "Еўропа-2000".

У Маладзечне імем народнага паэта названы педвучылішча, вуліца, завулак, сярэдняя школа №1, у якой створаны мемарыяльны пакой-музей, ёсць мемарыяльная дошка. У краязнаўчым музеі ў Маладзечне экспануюцца творы паэта, прыжыццёвыя выданні кніг Янкі Купалы.

Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў Маладзечне была адкрыта выстаўка мясцовых мастакоў, праводзіліся літаратурна-музычныя вечары, канцэрты.

Імя Купалы занесена ў раённую кнігу народнай славы.

I сапраўды, сваім славутым земляком Янкам Купалам - першым беларускім народным паэтам - маладзечанцы могуць ганарыцца. Не кожнаму раёну лёс падараваў вялікага песняра з сусветнай славай, прарока Адраджэння, класіка беларускай літаратуры і заснавальніка літаратурнай мовы беларускага народа.

Паэт, драматург, публіцыст, вучоны, Янка Купала надзелены быў здольнасцю глыбока спазнаваць сутнасць свайго часу і эпохі, народа і яго гісторыі, народнага светаразумення і светаадчування.

Таму творчасць Янкі Купалы - гэта не толькі мастацтва высокага кшталту, а і мастацкі летапіс дум і спадзяванняў народа, велічных зрухаў у яго гістарычным быцці.

А. У. Бурбоўская

(Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна - Мн.: БелЭн, 2002. -с.639-642.)

 У пачатак старонкі

Аўтапартрэт. 1933  Семашкевіч Раман Мацвеевіч.

Мастак

Нарадзіўся ў 1904 годзе ў мястэчку Лебедзева Маладзечанкага раёна ў сялянскай сям'і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у родным мястэчку, закончыўшы пачатковую школу. У пачатку 1920-х гадоў вучыўся ў Віленскай гімназіі, адначасова ў мастацкай школе Браніслава Тарашкевіча. У 1924-27 вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме на скульптурным аддзяленні, у 1927-30 - у Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце ў Маскве. У 1931 адбылася яго першая персанальная выстава ў Маскве. У тым жа годзе ўдзельнічаў у выставе групы "13". Арыштаваны ў лістападзе 1937 і прыгавораны да растрэлу. Пры арышце супрацоўнікамі НКУС у яго былі адабраны каля 200 жывапісных прац. У 1958 пасмяротна рэабілітаваны. У 1990 праведзена першая пасмяротная выства яго прац. Пасля арышту ўсе работы ў майстэрні былі знішчаны, захаваліся толькі тыя, якія ўжо знаходзіліся ў асобнікаў і музеях.

Гарбарня. 1930

Вулачка ў Замаскварэччы. 1930

Горад ля мора. 1931

 У пачатак старонкі

Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі - фота  Каханоўскі Генадзь Аляксандравіч.

Навуковец і пісьменнік

Сярод знакамітых людзей Маладзечаншчыны вылучаецца Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Ён здзейсніў подзвіг, падарыўшы сваім землякам гісторыю. I цяпер мы ведаем, што гісторыя наша пачалася не са стрэлу "Аўроры", а на шмат стагоддзяў раней, у сівую даўніну, і што яна цяжкая, часам трагічная, але багатая і цікавая, і яе трэба ведаць, любіць і шанаваць.

Нарадзіўся Генадзь Аляксандравіч 8.1.1936 г. ў в. Дамашы, якая прытулілася да самага горада Маладзечна. Вучыўся ў Лебедзеўскай сярэдняй школе, аддаў належнае армейскай службе, а потым быў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута, вучобу ў якім Г.А.Каханоўскі выкарыстаў для таго, каб у багатых маскоўскіх архівах і музеях "выкапаць" як можна больш матэрыялу на карысць роднай Бацькаўшчы. Веды ў галіне гісторыі Беларусі і Маладзечанскага краю значна паглыбіліся і тады, калі Генадзь Аляксандравіч працаваў у Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Тут ён прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара музея, абараніўшы ў 1979 г. кандыдацкую дысертацыю па тэме "Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму". Фонды музея ўзбагаціў шматлікімі экспанатамі, сярод якіх ёсць выключна рэдкія: 15 старадрукаў (кніг), "Уніяцкі служэбнік" 1740 г. выдання, "Вопіс на карысць Хоўхлаўскай царквы", зроблены князем Станіславам Кішкам (1607), напісаны на старабеларускай мове (лацінкай), "Тлумачэнні да твораў Цыцэрона" (1762; Нясвіжская друкарня Радзівілаў) і інш.

Сваёй шчырай працай на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў Генадзь Аляксандравіч пакінуў важкі след. 1982 г. быў для нашага навукоўца новай прыступкай у пазнанні гісторыі свайго народа - яго запрасілі ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.

Крыху пазней Генадзь Аляксандравіч узначальвае ім задуманы і створаны аддзел, які займаецца пытаннямі краязнаўства, музеязнаўства і бібліятэказнаўства ў асветным цэнтры імя Ф.Скарыны. Накопленыя веды, вялікі жыццёвы вопыт даюць магчымасць падняцца яшчэ на адну прыступку вышэй у навуцы. У 1982 г. Г.А.Каханоўскі абараняе доктарскую дысертацыю на тэму "Гісторыя вывучэння культуры Беларусі ў канцы 18 - пачатку 19 стагоддзя".

Усё, што знаходзіў Генадзь Аляксандравіч у розных музеях і архівах, што сумеў выкапаць з глыбіні стагоддзяў пра родны край, спяшаўся вынесці на старонкі часопісаў, газет, каб падзяліцца з людзьмі гістарычнымі навінамі. I кнігі адна за другой сталі з'яўляцца на паліцах магазінаў і бібліятэк. Талент яго як пісьменніка рос з кожным днём. Яго пяру былі падуладны вобразныя замалёўкі куткоў Маладзечанскай зямлі, гістарычных падзей, вобразаў цікавых людзей. Ім напісана больш за дзесяць кніг. Адна з першых "На запаветнай зямлі" была прысвечана нашаму песняру Янку Купалу. Пра знаходжанне Максіма Багдановіча ў фальварку Ракуцёўшчына ўлетку 1911 г. Генадзь Аляксандравіч расказаў на старонках кнігі "У родным краі". Ім напісаны кнігі "Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI -XIX ст.", "Адчыніся, таямніца часу", "Повязь часоў", "А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю", "Прадвесне навукі", "Руплівец нашай старасветчыны" (з сынам А.Г.Каханоўскім), "Маладзечна", "Вілейка".

Яго пяру належыць каля тысячы публікацый, шмат артыкулаў у энцыклапедычных выданнях. 3 поўным правам Генадзь Аляксандравіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Сёння, калі маладое пакаленнс прагна вывучае гісторыю, яго кнігі сталі на ўзровень падручнікаў. Сапраўдны патрыёт спяшаўся не толькі адкрыць таямніцы гісторыі, але і ўвекавечыць іх памяць. Сёння Маладзечаншчыну можна назваць музеем пад адкрытым небам, бо тут каля двухсот помнікаў. Шматлікія з іх устаноўлены па ініцыятыве і пры непасрэднай дапамозе Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага.

Ён пайшоў з жыцця 15.1.1994 г., пакінуўшы нам сваю працу, свае памкненні, сваё сэрца. Маладзечанцы шануюць памяць свайго земляка, навукоўца, пісьменніка і добрага сціплага чалавека, якім быў Г.А.Каханоўскі.

На Стара-Віленскім шляху каля вёскі Мясата ўстаноўлены помнік гэтай старажытнай дарозе. Вялікія камяні-валуны трымаюць на сваіх грудзях пліты з імёнамі знакамітых людзей, якія нарадзіліся ці звязалі свой лёс з Маладзечаншчынай. Тут ёсць імя нашага земляка, якім мы ганарымся, - Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага.

Адзін з Маладзечанскіх паэтаў Вячаслаў Шнуркевіч прысвяціў Г.А.Каханоўскаму такія радкі:

Ён праз жыццё нялёгкі крыж пранёс.
Рабіў адну, але святую справу -
Ён клапаціўся пра Айчыны лёс,
Вяртаў зямлі яе былую славу.

Л.І.Карповіч.
(Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна - Мн.: БелЭн, 2002. -с.646-647.)

 У пачатак старонкі

(c) 2004
Web-дызайн: Уладзімір Руткоўскі (пішыце)
Hosted by uCoz