ТБМ Неафіцыйны сайт Маладзечанскага раёна
Паказаць карту раёна

МАЛАДЗЕЧАНСКІ РАЁН.

На паўночным-захадзе Мінскай вобласці. Утвораны 15.1.1940 г. у складзе Вілейскай вобласці. Плошча 1,37 тыс. км2. Насельніцтва 47,0 тыс. чал. (2002 г., без г. Маладзечна), гарадскога 12,0%. Сярэдняя шчыльнасць 34 чал. на 1 км2. Цэнтр - г.Маладзечна. Уключае 277 населеных пунктаў. Адміністрацыйна падзелены на г.п.Радашковічы і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлеўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэрыторыі раёна займаюць Ашмянскае і Мінскае ўзвышшы, паўночная частка - у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на паўночны-захад. Пераважныя вышыні 150 - 300 м, найвышэйшы пункт 320 м (каля в.Дубрава Аляхновіцкага сельсавета). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіравая сумесь, будаўнічыя пяскі, гліны, мінеральная вада. Сярэдняя тэмпература студзеня - 6,4°С, ліпеня 18°С. Ападкаў 602 мм за год. Вегетацыйны перыяд 189 сутак. Найбольшыя рэкі: Вілія, Беразіна (басейн р. Нёман), Уша з прытокамі (Цна, Гадзея, Тур'я), Рыбчанка. На ўсходзе - галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і іншыя, 25% з іх - штучныя насаджэнні. Найбольшая лясістасць на поўначы, дзе вылучаецца вялікі лясны масіў Ярэўскай пушчы. Балоты займаюць 1,4 тыс. га. Найбольшыя балотныя масівы - Беразінскае балота і Масцішча. Помнікі прыроды мясцовага значэння - хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі ў пас. Беразінскае, вёсках Маліноўшчына (з алеямі хвоі веймутавай) і Яхімоўшчына.

Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў 75,1 тыс. га, з іх асушаных 17,0 тыс. га. На 1.1.2002 г. у раёне 14 калгасаў, 4 сельскагаспадарчых вытворчых кааператывы, 2 сельгаспрадпрыемствы, 39 фермерскіх гаспадарак. Асноўныя кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Дзейнічаюць 22 прамысловыя прадпрыемствы і 14 будаўнічых. Буйнейшыя прадпрыемствы: КУП "Маладзечанскі мясакамбінат", УП "Маладзечанскі піваварны завод", ААТ "Маладзечанскі гармалзавод", ААТ "Белмастацкераміка", ВРУП "Беразінскае", ААТ "Кардонная фабрыка "Раёўка", СП ТАА "Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод "Крышталь-ІІ", РУСВП "Маладзечанская птушкафабрыка", ААТ "Радашковіцкі керамічны завод". Аснову будаўнічага комплексу складае ААТ "Забудова". У раёне 179 дачных пасёлкаў, 11 санаторыяў і прафілакторыяў, 11 аздараўленчых лагераў. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Мінск-Вільнюс, Ліда- Полацк, аўтадарогі Мінск -Вільнюс, Маладзечна-Вілейка-Мядзел, Маладзечна-Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 3 пачатковыя школы, 14 дзіцячых садкоў, 7 музычных і мастацкіх школ, ПТВ-42, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 клубных устаноў, 39 бібліятэк, раённы Цэнтр рамёстваў, 7 бальніц, 4 амбулаторыі, 27 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

На тэрыторыі раёна - 210 помнікаў гісторыі, культуры, археалогіі і архітэктуры, галоўныя з якіх: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Вязынка" у в. Вязынка, філіял дзяржаўнага музея Я. Купалы ў в.Яхімоўшчына, філіял літаратурнага музея М.Багдановіча ў в.Ракуцёўшчына, Свята-Троіцкі касцёл і брама (1701-04) у в.Беніца, Свята-Рызапалажэнская царква (1871) у в.Груздава.

(c) 2004
Web-дызайн: Уладзімір Руткоўскі (пішыце)
Hosted by uCoz