ТБМ Неафіцыйны сайт Маладзечанскага раёна
 Асанава

- вёска ў Лебедзеўскім сельсавеце. У 19 ст. пад назвай Асанава было 2 населеныя пункты: фальварак і засценак у Лебедзеўскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерніі. У 1866 г. ў фальварку 1 двор, 12 жыхароў, уласнасць Улана малюшчынскага, які меў тут 75 валок зямлі. Побач з фальваркам знаходзіўся засценак, у якім налічвалася 5 рэвізскіх душ. У пачатку 20 ст. засценак, 24 дзесяціны зямлі, у Лебедзеўскай воласці. Адносілася да Лебедзеўскай сельскай грамады. У 1904 г. 46 жыхароў. У маёнтку Асанава Пашавецкага (624 дзесяціны зямлі) 51 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы. Паводле перапісу 1921 г. Вёска Лебедзеўскай гміны Вілейскага павета Віленскага ваяводства, 12 двароў, 80 жыхароў; у засценку 8 двароў, 53 жыхары. Пазней вёска і засценак зліліся. У 1939 г. у складзе БССР, з 12.10.1940 г. у Лебедзеўскім сельсавеце Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. У 1941 г. 58 двароў, 173 жыхары. Нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 1 двор, аднаго жыхара забралі ў германскі палон. З 20.01.1960 г. вёска Мінскай вобласці. У 1969 г. 62 двары, 205 жыхароў. Цяпер вёска ў складзе калгаса "Лебедзева". На 01.01.2002 г. 59 двароў, 121 жыхар.

 У пачатак старонкі

 Лебедзева

- вёска, цэнтр сельсавета. Упершыню Лебедзева ўпамінаецца ў грамаце князя Ягайлы 25.4.1387 г. Існуе легенда аб паходжанні назвы. Кажуць, называлі гэта месца раней Лебедзева Дно. Быццам бы ў далёкія часіны на месцы в.Лебедзева, між тых жа пагоркаў, што і сёння ўзвышаюцца, разлілося вялікае возера. Людзі, што жылі на яго прыгожых берагах, лавілі ў возеры рыбу, палявалі ў чароце на качак, касілі на прыбярэжных лугах буйныя травы, якія раслі гэтак хутка, што іх не паспявалі скошваць і зграбаць, як трэба было пачынаць усё па-новаму. Выцякала з гэтага возера тая ж рачулка, якая і цяпер тут працякае - Нявежа. Адзінае, чым ад сённяшняй адрознівалася, -- глыбінёю і чысцінёю. А па яе паўнаводных берагах стаялі багатыя вёскі ды хутары. Добра жылося ў іх людзям, таму што ўсяго ставала, не было ніякіх цяжкасцей ні з ежаю, ні з будаўнічым матэрыялам. Возера называлася Лебедзевым таму, што пасярод яго, на востраве, здаўна жылі лебедзі. Шанавалі іх заўсёды мясцовыя жыхары, нікому не давалі крыўдзіць. Нават самыя зацятыя паляўнічыя не чапалі, не палохалі гордых птушак. Усе ведалі - гэта яны, лебедзі, ахоўваюць возера, тайна ад людзей будуюць і рамантуюць схованыя над вадою плаціны і дамбы. Таму возера і трымаецца між пагоркаў. Толькі знайшоўся злы чалавек. Падплыў аднойчы да вострава і забіў самага вялікага лебедзя-важака. Пакінулі лебедзі возера. А праз год ці два прагнілі схаваныя ў чароце і над вадой лебядзіныя дамбы. Спатрэбілася ўсяго 3 дні, каб вада назаўсёды выцекла са сваёй катлавіны-чашы, сплыла некуды далёка ў вялікую раку. Шмат было бяды. Па берагах Нявежы пазносіла хаты, змыла з палеткаў шчодры ўраджай, патапіла скаціну. Прайшоў час, людзі забыліся на тую бяду і пачалі зноў сяліцца ў зручным зацішку -- на дне былога лебядзінага возера. Таму новую сялібу і называлі спачатку Лебедзевым Дном. Пазней, калі ўжо ніхто не памятаў пра возера, на дне якога цяпер праходзіла вуліца і стаялі хаты, захавалася ад назвы толькі першая яго частка - Лебедзева. У 16 ст. Лебедзева было прыватнаўласніцкім горадам. Тут былі "...ловы звярыныя, пташыя і рыбныя, ловы бабровыя з усякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі валаснымі, парабкамі, чэляддзю нявольнай". Быў у Лебедзеве і млын. Паводле інвентара 1762 г. Лебедзева належала кашталяну Тадэвушу Агінскаму. Мела тады "29 дымоў і 233 чалавекі". Бровар і саладоўня давалі гадавы прыбытак у 600 залатых грошаў. Мелася ладная кузня, былі майстравыя кавалі. Побач векавая пушча, багатая ўсякай жыўнасцю. Так было да канца 18 ст., пакуль уладальнік пушчы Якуб Саковіч не прадаў яе генералу Паўлу Равінскаму. Вялікая колькасць векавых дубоў, сасонак, елак паехала з Лебедзева... Так пачала агаляцца пушча, пакуль з гадамі не стала чыстым полем. У 1830 - 31 гг. Лебедзева нейкі час знаходзілася ў руках паўстанцаў. Ёсць легенда, што ў час паўстання 1863 - 64 гг. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага лебедзеўцы арганізавалі паўстанцкі атрад, які смела ўступаў у бой з рэгулярнымі царскімі войскамі.

У сярэдзіне 19 ст. Лебедзева налічвала каля 1100 жыхароў. Узгоркавыя мясціны не дазвалялі мець доўгіх вуліц, акрамя Віленскай. У 1861 г. тут стаялі 182 хаты. 3 29 чэрвеня да 9 ліпеня штогод збіраўся кірмаш. Наязджала да 2 тыс. купцоў з Вільні, Смаргоні, Крэва, Мінска, Маладзечна, Гарадка. Прадавалі сукно, керамічныя вырабы, кажухі, дзіцячыя цацкі, ласункі. Тут заключаліся гандлёвыя дамовы. 3 Лебедзевам звязаны стары шляхецкі род Цівінскіх. Іван Ігнатавіч Цівінскі арганізаваў таварыства філантропіі. Зянон Дамінікавіч Цівінскі ў 19 ст. лічыўся вядомым у Беларусі акулістам. У канцы 19 ст. ў в. Лебедзева было каля 1290 жыхароў, 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. Цяпер Лебедзева - цэнтр сельсавета і калгаса "Лебедзева". На 1.1.2002 г. 450 двароў, 1050 жыхароў. Бальніца, амбулаторыя, аптэка, сярэдняя школа, музычная школа, 2 магазіны, царква, касцёл, ашчадная каса, аддзел сувязі, бібліятэка. З помнікаў архітэктуры тут засталіся Свята-Троіцкая царква (пабудавана ў 1869) і капліца пачатку 20 ст. Ёсць яшчэ ў Лебедзева вялікая ўпадзіна - нізіна, на якой цячэ (цяпер ужо ручай) Нявежа, рэчышча былога Лебедзева возера.

Свята-Троіцкая царква Свята-Троіцкая царква, сучасная
Свята-Троіцкая царква (старое фота)
Свята-Троіцкая царква (сучаснае фота)

І.А.Сарока

 У пачатак старонкі

 Маркава

- вёска, цэнтр сельсавета. Упершыню ўпамінаецца 15 ст. (1415) як сяло і двор у вялікім княстве Літоўскім. У 1476 г. цэнтр воласці і павета. У 1514 г. Маркаўскі стан, цэнтр каралеўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць. У 1518 г. згодна з граматай караля Сігізмунда І у дзяржанні пана Яна Янавіча Збаражскага за 700 коп. грошаў літоўскіх. У 1519 г. спустошана рускімі войскамі ў час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512-22 гг. 12 кастрычніка 1529 г. кароль Сігізмунд І аддаў на дзяржанне двор Маркава падчашаму Яну Мікалаевічу Радзівілу. У 1530 г. гаспадарская ўласнасць, цэнтр каралеўскай воласці. У гэтым жа годзе людзі путныя Маркаўскай воласці падалі жалабу каралю на павелічэнне павіннасцей (апрача путнай службы іх прымушалі хадзіць на паншчыну). У 1557 г. гаспадарчае ўладанне, дзяржава ў Ашмянскім павеце. У 1656 г. двор Маркава - шляхецкая ўласнасць Корсака. У 18 ст. - цэнтр староства. У 1740 г. кашталян Ян Шчыт пабудаваў касцёл, пры касцёле была школа. У 19 ст. казённае мястэчка, маёнтак у Вілейскім павеце Мінскай губерні. У 1800 г. 365 жыхароў. Мелася карчма, уніяцкая царква, 2 млыны. У 1831 г. пабудавана драўляная праваслаўная царква, 1860 г. з бутавага каменю і цэглы - праваслаўная Свята-Успенская царква. У 1861 г. мястэчка на р.Гарадзея, 45 двароў, 369 жыхароў. У 1873 г. адчынена народнае вучылішча (у 1884 г. 37 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі). У 1880 г. мястэчка, 566 жыхароў, 2 праваслаўныя царквы, багадзельня, пастаялы двор. У 1897 г. мястэчка, 122 двары, 765 жыхароў, у Лебедзеўскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. У пачатку 20 ст. двойчы ў год (9 мая і 15 жніўня) адбываліся кірмашы. Працавала народнае вучылішча (у 1903 г. 87 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак). Мелася казённая вінная лаўка. У 1921 г. ў Маладзечанскім павеце. З 1939 г. мястэчка (160 двароў, 908 жыхароў) і маёнтак (4 двары, 65 жыхароў)у складзе БССР. З 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну акупанты спалілі 72 двары, 2 мірных жыхароў забралі ў Германію на прымусовыя работы, 48 жыхароў загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на фронце. Пасля вайны вёска адбудавана. У 1949 г. створаны калгас "Чырвоны прамень". У 1969 г. 285 двароў, 865 жыхароў. Цяпер у складзе калгаса "Маркава". На 1.1.2002 г. 290 двароў, 744 жыхары. Збожжасховішчы, 2 фермы, механічныя майстэрні, Маладзечанская сортавыпрабавальная станцыя, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, школа, бібліятэка, дзіцячы сад, магазін. Помнік землякам.

 У пачатак старонкі

 Мясата

Калі гартаць геаграфічны слоўнік каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх (што выдадзены ў Польшчы ў ХIХ стагоддзі), то з яго можна даведацца шмат цікавых фактаў гісторыі. Так, у ім расказваецца, што ў ХVIII стагоддзі ўся вёска разам з людзьмі была спалена шведамі (гітлераўцы, значыць, былі не першымі, хто такім жахлівым спосабам вынішчаў беларусаў). З усёй Мясаты тады выратаваўся толькі адзін чалавек - Сушка. "Цяпер там,- пісалася ў слоўніку, адпаведны том якога выйшаў у 1885 годзе,- многа Сушкаў". І, сапраўды, у весцы амаль толькі прозвішчы Сушко, Сяргей, Бурак...

Вёска Мясата
Вёска Мясата

Упамінаецца Мясата як фальварак, дзе было больш дзесятка хат. Уваходзіла вёска ў склад вялікага маёнтка Маладзечанскага Вацлава Шэмета. Пазней належала роду Агінскіх, адзін з якіх быў кампазітарам. Цяжка дакладна сказаць, але ўжо пэўна, што ў 1800 годзе вёскаразам разам з навакольнай пушчайзнаходзілася ва уласнасці Караля Зана. Потым Мясата ў 1808 па 1939 год належала роду Тышынскіх. Сын Эразма Аляксандр Тышынскі нарадзіўся ў 1811 годзе. Ён напісаў раман "Амерыканка ў Польшчы". У 1837 годзе займаўся літаратуразнаўчай працай, з 1838 - знаходзіўся ў Варшаве. Стаў адным з заснавальнікаў Варшаўскай бібліятэкі. Пісаў вершы, а больш займаўся літаратурнай практыкай. З 1866 года Аляксандр Тышынскі - прафесар Варшаўскага універсітэта. Працягваў пісаць. Найбольш любіў адпачываць і займацца творчасцю ў Мясаце.

Вучоныя сцвярджаюць, што бліжэй да нашага часу ў фальварку Тышынскіх жыў нейкі мастак Бальцюкевіч. Хто ён?! Старажылы пра яго не чулі і не памятаюць.

У 1886 годзе ў Мясаце адчынілася царкоўна-прыходская школа. Яна знаходзілася ў доме селяніна і была пад пэўнай апекай магнацкай сям'і. У 1897 годзе на радзіму Аляксандра Тышынскага прыязджаў яго сын Казімір. Цяпер мясоцкія вучні чакаюць з Акадэміі Навук Зямлі Польскай падрабязных звестак пра род Тышынскіх.

З 1939 года ў фальварку Тышынскіх знаходзілася школа. У час Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым будынку размяшчалася нямецкая казарма. А пасля вайны зноў зазвінелі дзіцячыя галасы ў маляўнічым месцы фальварка.

У 1964 годзе адкрылася новая школа на тэрыторыі маёнтка. У старым будынку засталася толькі школьная майстэрня. Цяпер частка будынка развалілася. Застаўся толькі склеп. Шкада, што не знайшлося сродкаў зрабіць яго рэканструкцыю.

Ішоў час. У старым парку каля школы ў 1967 годзе мясцовы калгас "Усход" устанавіў помнік землякам. На сцяне памяці імёны 136 воінаў, партызан, а таксама жыхароў - ахвяр фашызму, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся за Бацькаўшчыну, за родны кут, дзе нарадзіліся і выраслі. Насыпаны спецыяльны курган, на якім устанавілі скульптурную кампазіцыю: воін выносіць з бою свайго загінуўшага таварыша.

Помнік землякам
Помнік землякам

На будынку мясоцкай базавай школы прымацавана мемарыяльная пліта, якая сведчыць, што ў гэтай вёсцы ў 1796 годзе нарадзіўся паэт, матэматык, кіраўнік прагрэсіўных студэнцкіх гурткоў на Беларусі Тамаш Зан. Сябар Адама Міцкевіча, Яна Чачота і дзекабрыстаў. Ён пакінуў нямала паэтычных твораў, якія, на жаль, раскіданы па розных выданнях мінулага стагоддзя. Ёсць у яго твор "Маладзечна", вершы пра наш край. Мясата заўсёды была ў памяці Тамаша Зана.

Мемарыяльная пліта
Мемарыяльная пліта

Але пара вярнуцца да пачатку вёскі, да гасцінца, да цэнтральнай дарогі. Раней яна называлася тракт Мінск-Маладзечна-Вільня. Цяпер кожнаму вядома, што каля нашай вёскі знаходзіцца мемарыяльны знак знакамітым людзям, якія праязджалі ці праходзілі ў розныя часы і з розных мясцін. Хто за святлом ведаў, хто за праўдай, а каго гнала ваеннае ліхалецце. Па гэтым старым гасцінцы кіравалі свой шлях Сымон Будны, Уладзіслаў Сыракомля, Браніслаў Тарашкевіч, Янка Купала, Якуб Колас... Мемарыяльны знак адкрыты пагодным жнівеньскім днём 1979 года. Гэта першы дарожны памятны знак, можа першы не толькі ў Беларусі, але і сярод суседніх народаў. Створаны знак пад кіраўніцтвам Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага, доктара гістарычных навук, краязнаўцы, карпатлівага і чулага даследчыка мінулага Маладзечаншчыны.

Пра гэты шлях гавораць радкі вялікага песняра Беларусі Янкі Купалы, выпісаныя на прыдарожным валуне:

Мінск-Маладзечна-Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па свету.

У 1995 юбілейным годзе Вялікай Перамогі Маладзечанскі раённы камітэт на аснове прапаноў заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні раённай камісіі па падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць" прыняў рашэнне занесці яшчэ 45 імёнаў дзяржаўных дзеячаў, герояў-патрыётаў, дзеячаў культура на "Помнік Дарозе". І вось напярэдадні Дня Перамогі адбылося ўрачыстае адкрыццё другой часткі гэтага помніка. Заканамерна, што права адкрыць яго было прадастаўлена галоўнаму выканаўцу Вячаславу Ляшковічу, а таксама народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу.

Помнік Дарозе
Помнік Дарозе

Не спяшайся вандроўнік! Спыніся ля помнікаў, што размясціліся ў Мясаце. Кінь позірк.Ты заўважыш прозвішчы, сярод якіх шмат дарагіх для кожнага беларуса. Чаму яны аказаліся тут? Таму, што адных з іх на лічаныя гадзіны, а іншых на месяцы, гады лёс звязаў з гэтай вёскай, побач з якой пралягае Віленскі шлях - сведка гісторыі не толькі Маладзечаншчыны, але і ўсёй нашай роднай Беларусі.

 У пачатак старонкі

(c) 2004
Web-дызайн: Уладзімір Руткоўскі (пішыце)
Hosted by uCoz