Навела.
Наканаванае лёсам.

Ты ў сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок...

Я. Купала.

Цішыня... На зямлі пануе купальская ноч. Прырода замерла ў чаканні нечага ўрачыстага, таемнага ... І вось у адной з вясковых хат пачуўся прарэзлівы крык немауляці. Нядоўга панаваў ён у хаце, бо раптам зноў стала ціха-ціха. Месячык на небе задрыжэў (мо ад холаду, мо ад спачування нованароджанаму), потым супакоіўся і зазірнуў у невялікае акенца вясковай хаткі, адкуль раней быў чуцен плач.
Спачатку ён нічога не ўбачыў. Але месячнае святло паступова пранікала ў пакой, і вось якая карціна паўстала. Ложак. На ім спіць змучаная, збалеўшая маці, а побач у калысцы ціхенька дыхае дзіцятка. На стале каля ложка цьмяна мігціць свечка. Яна кідае водбліск на светлую галоўку дзіцяці. Нішто не парушала ідылічную цішыню ў пакойчыку. Раптам удалечыні, каля лесу, пачулася песня. Яна то мацнела, то заціхала ўначы. Гэта хлопцы і дзяўчаты ішлі, мабыць, шукаць папараць-кветку, кветку шчасця і надзей...
Песня змаўкала, а ў пакоі па-ранейшаму панавала цішыня. Але што гэта? Полымя свечкі задрыжэла, быццам яго нехта хацеў затушыць, і па пакоі нешта (або нехта?!) праплыло і пачало дваіцца. Духі? Цені? З'явы?
Не, гэта дзве Варажбіткі... Яны прыйшлі паваражыць, прадказаць долю дзіцяці... Абедзве маладыя, абедзве прыгожыя - але такія розныя. Гэта розніца была бачна і ў вопратцы (адна ў светлай сукенцы, другая - у цёмнай), і ў выразе твару (асабліва вылучаліся вочы, шчаслівыя і ясныя ў адной і сумныя, трагічныя ў другой). Першай падышла, нават падплыла, да калыскі варажбітка ў светлай вопратцы. Яна нахілілася нізка над дзіцем, усміхнулася шчыра і ласкава, паклала руку на галоўку немаўляці і пачала шаптаць: "Ты нарадзіўся на вялікае свята, таму Бог будзе дапамагаць табе ў цяжкія хвіліны. Будзеш геніяльны... Назавуць цябе Вялікім Паэтам, Песняром. Твае цудоўныя творы будуць захапляць людзей, паланіць душы людскія і жыць вечна... Душа Твая, чыстая і ясная, будзе любіць усіх людзей: усе для Цябе будуць блізкія і родныя... Побач з Табой будзе Твой верны сябар, які яшчэ не нарадзіўся на Свет Божы (Твой верны Якубе), і дзяўчына, "кветка-лілея, вольная птушка сумнай зямліцы!"
"Так яно і будзе,- перапыніла першую варажбітку другая, з цёмным тварам і сумнымі вачыма, якая неўзаметку падышла ззаду і паклала руку на калыску, - так і будзе. Але ж якая будзе цяжкая доля Яго! Не толькі ўзлёты чакаюць цябе, дзіця, але і падзенні, здрада, абыякавасць, нават варожасць. Адзін раз табе ўдасца пазбегнуць няшчасця (цябе нават узнімуць да нябёсаў). Але вось другі раз цябе чакае такая страшная, недарэчная смерць... Нават тая, што дала табе жыццё, што спіць цяпер побач з табою, так і не даведаецца пра твой трагічны канец, хоць і перажыве цябе ўсяго на два дні..."
Слязінка ўпала на галоўку дзіцяці з вачэй сумнай Варажбіткі... Ізноў у пакоі стала ціха і спакойна...
...Некалькі дзён не дажыў да свайго юбілею, шасцідзесяцігоддзя, Вялікі Пясняр беларускай зямлі. Ён прайшоў увесь шлях, які быў наканаваны яму лёсам, з паднятай галавой, з надзеяй у сэрцы. Побач з ім былі яго сябры і аднадумцы, якія і пасля смерці паэта захоўвалі памяць аб ім.
А з той, якая дала жыццё паэту і любіла больш за ўсіх сваіх дзяцей, яго, Янку Купалу, пахавалі ў адзін і той жа дзень...

Балтрош Алеся, Турэц-Баярская СШ

 
     


Hosted by uCoz